| |
|
Пісаць гісторыю žygimont VAZA вельмі і вельмі складана. Пры ўсім тым, што можна ў любы момант скантактавацца з кімсьці з удзельнікаў - былых ці цяперашніх, і запытаць пра нейкія факты гісторыі гурта. Але, шмат чаго перамяшалася з часам. Легенды і сапраўдныя падзеі часам пераходзяць адное ў другое, людзі кажуць пра адныя й тыя ж падзеі не зусім аднолькавыя рэчы. Спроба апісаць žygimont VAZA-ўскія падзеі застанецца менавіта спробай.
Адзначу адразу, што ўзяўся я рабіць ня жыцьцяпіс Сяргея "Скрыпы" Скрыпнічэнкі, а менавіта жыцьцяпіс гурта žygimont VAZA, таму ўсе падзеі асабістага жыцьця ўдзельнікаў застаюцца па-за канвой апавяданьня. З аднаго боку гэта ня зусім верна. Аднак, паўтаруся, апісаньне ЎСЯГО, ШТО АДБЫЛОСЯ можа стацца сапраўдным эпасам - прынамсі паводле аб'ёму. Таму маё апавяданьне ўяўляе сабой менавіта апрацаваны збор розных зьвесткаў, якія па-просту храналягічна парадкуюцца.
Аднак, паспрабуем...
Увесну 1987 году Скрыпа, маючы ў мінулым музычную школу (фартэпіяна), ўжо больш-меньш валодае гітарай, але толькі на ўзроўні акордавага граньня - прынамсі падабраць і роўна заграць нейкую песьню ўжо ў стане. Але галоўнае - ІДЭІ. Яны глыбейшыя за "зьняцьцце" нейкіх чужых тэмаў. Хочацца ствараць уласную музыку. Скрыпа слухае ў той час: Led Zeppelin, Dire Straits, Foreigner, Rolling Stones, Pink Floyd, Rainbow, Creedence, Deep Purple, The Police, EL&P, Patty Smith і шмат чаго яшчэ. Увесь час у адным, потым у іншым сутарэньні пад уласным домам ладзяцца "кропкі" для рэпетыцый. Прыходзяць нейкія людзі, спрабуюць нешта граць. Але з цягам часу высьветляецца, што ўсе падлеткі спрабуюць уласныя сілы ў рознае занятках - спорт, музыка, мастацтва, цыгарэты і алькаголь. Спрабуюць і ня больш - сьвядомае жыцьцё толькі пачынаецца, хочацца паспрабаваць літаральна ўсяго. Таму ніхто больш за пару-тройку тыдняў на "кропцы" не затрымліваецца. Скрыпа жа наадварот - больш і больш разважае пра будучыя музычныя праекты. Больш думае, чымся грае, бо граць трэба яшчэ вучыцца як сьлед. Але, галоўнае - нутраны зарад, - калі яго бракуе, дык не дапаможа аніякае ўменьне.
Пад канец лета ствараюцца нейкія "арт-рокавыя" канцэпцыі. У гэтых канцэпцыях больш уласна "канцэпцыяў", чым уласна музыкі. І тут (лёс, выпадак ці нешта падобнае) - у верасьні Скрыпа прыходзіць на тэлецэнтар, дзе маюцца адбыцца здымкі адное з найпапулярнейшых праграмаў тагачаснае тэлевізіі - "Маладзёжнага тэлецэнтру". У праграме бярэ ўдзел гурт "Бонда". Як кажа сам Скрыпа: "...уражаньні такое моцы ў жыцьці можна літаральна па пальцах пералічыць. Бо на той час савецкі рок перастаў быць цікавым і візыт на тэлебачаньне быў толькі чарговай тусоўкай. Нічога цікавага я там і ня спадзяваўся пачуць ці пабачыць. Але тое, што і пачуў, і пабачыў агаломшыла мяне. Усё - стыль, выкананьне, словы, драйв, паводзіны музыкаў, - аказалася ТАКІМ ЯК МАЕ БЫЦЬ."
Адразу пасьля здымкаў Скрыпа знаёміцца з "бондаўцамі", якія даюць яму колькі стратэгічных парадаў. У тым ліку Ваня Маркаў, калі даведаўся пра нейкія Скрыпіны "арт-рокавыя" канцэпцыі, параіў ня дурыць галавы і зьвяртацца да самае рокавых каранёў - да блюзу.
Скрыпа: "...гэта зьмяніла ўсё маё стаўленьне да музыкі, дакладней, - да стварэньня музыкі. Быццам вочы расплюшчыліся!"
Пачалася праца над новымі песьнямі. Калі раней думалася пра мову - ангельская? расейская? беларуская? - дык зараз сумненьняў ня было - па-беларуску. У вадначасьсе трапілася кружэлка "Nowe sytuacje" польскага гурта "Republika" і, ўвогуле адкінуліся ўсе сумненьні-разважаньні. Сталася ясным дзе, хто і як.
Скрыпа: "...у адзіны момант усе савецкія гурты - "Аквариум", "ДДТ", "Наутилус", "Алиса", "Кино" і іншыя па-просту зьніклі з мае сьвядомасьці. Я адчуў сябе чалавекам Усходняе Эўропы - ня больш, але й ня меньш".
Што тычыцца назвы гурта. Да сёньняшняе было яшчэ далёка. А спачатку было немаведама колькі варыянтаў: "Faraon", "Physical Graphity", "Iron Fist", "Rising" etc. Але выбралася назва "BASTINDA", якая пасьпяхова пратрымалася больш за год.
Заставаўся яшчэ матэрыял (аж на два альбомы) па-расейску. Ён ніколі ня быў запісаны. А шкада, бо варты слуханьня. У музычным пляне адбыўся сапраўдны прарыў - ад няпэўных, нясьмелых (і, чаго праўды хаваць - часам
даволі няўмелых) псэўдаартавых мэдытатыўных "лабаньняў", - у бок канкрэтнага, забойнага рытм-энд-блюзу, хаця шмат песьняў былі вельмі павольныя, нават дэпрэсыйныя і цяжкія. Такі сабе хард-хард-блюз. Першымі удзельнікамі сапраўднага ДЗЕЙНАГА гурта, апроч самога Скрыпы на гітары сталіся: Воўка па мянушцы "Вуля" - вакал, Сяргей "Серы" - бас і Лёня Патэнт на бубнах. Таксама сталым удзельнікам рэпетыцый быў сусед Дзяніс Шынгер, які пазычаў сваю гітару - "Этэрну", зробленую ва Ўсходняй Нямеччыне.
Канец вясны і ўсё лета 1988 году прайшлі ў вельмі пасьпяховых рэпетыцыях. Ды тутака Скрыпа падаўся ў Мірскае мастацка-рэстаўрацыйнае вучылішча.
17-гадовыя падлеткі, якія выбраліся ад бацькоў у цікавы вялікі сьвет, як вядома, сумаваць ня стануць. Таму ў Міры спачатку было не да музыкі. Хаця ўжо пад канец восені пачаў стварацца новы склад "Басьцінды". Больш таго, адміністрацыя вучэльні набыла апаратуру - узмацняльнікі, мікрафоны, бубны, гітары, клявішы etc. Савецкія, але іншых тады не магло быць. Сталася дзе рэпетаваць і на чым. Дадало карысьці знаёмства з мясцовым музыкам Алесем ТТ - гітарыстам-віртуозам. Карысьці ў пляне выкананьня, ідэяў. Нават сваю першую ўласную гітару (ГДР-скую паўакустыку) Скрыпа прыдбаў у яго. Зьявіліся думкі наконт зьмены назвы гурта, бо "Басьцінда" ад моманту зьяўленьня ўважалася праз Скрыпу ня больш як працоўны варыянт. Памятаецца адна з прапановаў: "Цэгла", у сувязі з рэстаўрацыйным профілем вучэльні. І ўсё бы нічога, ды ўжо напрыканцы лютага Скрыпа вяртаецца ў Менск.
Вясною ён працуе ў інстытуце "Белспэцпраектрэстаўрацыя", што ў Траецкім прадмесьці, у будынку, які знаходзіцца акурат паміж кнігарняй "Вянок" і легендарнай "Шпакоўняй" - кавярняй на другім паверсе, - кузьняй нацыянальна сьведамае, культурніцкае й ня толькі кадры. Напрыканцы красавіка, калі ўжо сталася даволі цёпла, маючы 4 дні выходных, Скрыпа з прыяцелем выпраўляецца ў Палангу. Там, падчас бадзяньняў па пляжы, ён знаёміцца з Астай Станкявічуце - равесьніцай з Аліты (па-летувіску Алітус) і яе сябрамі - музыкамі з Коўны. Сябры аказваюцца значна больш прасунутымі ў тусовачнае фішках, чымся іхныя калегі-тусоўшчыкі зь іншае частак СССР-у. Усе яны маюць каляровыя (!) татуіроўкі (калі хто ня ведае - за савецкім часам культура тату была ўвасаблена толькі ў крымінальным сьвеце, значна меньш - сярод матросаў і, хаця і ня так наварочана, - сярод жаўнераў). Усе тату носяць выражаны нацыянальна-адраджэнскі характар: "Пагоня", "Калюмны", "Ярылаў Крыж", гэрбы шляхты etc. У Асты, паміж іншымі, была выява гэрбу "Сноп" - родавае эмблемы швэдскага каралеўскага роду Вазаў. І аднойчы Скрыпа даўмеўся, што назвы для гурта, лепшае, чым "Жыгімонт Ваза", не знайсьці. Нават ствараецца некалькі песьняў (адразу на "птушынае" мове - з тым, каб потым напісаць для іх канкрэтныя тэксты). Пасьля ад'езду, ўсе - Скрыпа ў Менску, новыя сябры - ў Коўне, рэпетуюць новы матэрыял, які ўвасобіўся праз некалькі тыдняў у весялейшы выступ на нелегальным рок-фэсьце "FUCK COM" (Fuckin Communism, - аўт.) у памяшканьнях закінутага складу недзе ў ковенскіх ваколіцах. Дарэчы, нейкія пазьнейшыя аповяды пра žygimont VAZA, у якіх узгадваліся вышэйапісаныя летувіскія падзеі, прычыніліся да шэрагу непаразуменьняў, калі інфармацыя пра гурт žygimont VAZA падавалася як пра гурт летувіскі.
чытаць далей »
|
|