| |
|
пачатак гiсторыi »
Праект меўся стацца даволі цікавым - Скрыпа прадумваў канцэпцыю, тэксты і пачаў пісаць музыку, але...
8 ліпеня 1989 году, разам з дадатковым наборам, Скрыпу замялі ў савецкае войска. Апісаньне Скрыпінае "службы" - праца ў пяць тамоў. Я ж разглядаю толькі музычны аспэкт падзеяў.
Такім чынам скончыўся першы пэрыяд гісторыі гурта žygimont VAZA - пэрыяд фармаваньня, пошуку, першых спробаў і першых выступаў.
У войску, паміж усім іншым, давялося граць канцэрты. Па словах Скрыпы, вопыт, набыты падчас "здыманьня" песьняў тагачаснае савецкае эстрады, не параўнальны ні з чым. Бо раней гралася тое, што самім прыдумвалася. Зараз жа трэба было "здымаць", развучваць шмат твораў іншых кампазытараў. Разумець чужую падачу, чужое адчуваньне, што вельмі добра паўплывала на разьвіцьцё тэхнікі выкананьня. Што тычыцца ўласна творчасьці, то было створана каля 4 (!) альбомаў рознае музыкі. І ў чэрвені 1991 году лідэр гурта вяртаецца дахаты, маючы вялізарны стос паперы - музыка і тэксты.
Невялікі дадатак - напрыканцы 80-х вялікае распаўсюджваньне атрымоўвае відэа. Прагляд відэакасэтаў стаецца сталае справай нават у савецкім войску - сама меней 2 разы на тыдзень. Фільмы розныя, паводле жанраў - баевікі, камедыі, драмы. Але галоўнае - музыка. Скрыпа ўслухваецца ўвесь час у музыку, што гучыць на працягу кінадзеяньня. Слухае і марыць аб тым, што хутка ўжо "савок" лясьне і, ва ўжо вольнай Беларусі, пачнуць здымаць добрыя, сучасныя, цікавыя фільмы. Фільмы, да якіх абавязкова трэба будзе ствараць саўндтрэкі (праўда тады гэткага слова яшчэ ня ведалі). І саўндтрэкі пачынаюць стварацца - да стужкаў, якія яшчэ не зьнятыя. Гэткі сабе праект на будучыню. Галоўнае - настрой, стан музыкі. Усё гэта рабілася ўначы ў клюбе. Музыка запісваецца на паперу і адкладваецца да свайго часу. Мы яшчэ вернемся да гэтага кавалку музычнай працы, калі гаворка пойдзе пра сёньняшнія дні.
Такім чынам другі пэрыяд разьвіцьця гурта можна назваць "завочным", бо музыка і тэксты ствараліся, нават рэпетаваліся з "бэндам" - Скрыпінымі саслужыўцамі, але гэта ўсё рабілася на пэрспэктыву - да часу вяртаньня дахаты.
І вось - дома. Наступны, трэці пэрыяд гісторыі žygimont VAZA. Некалькі месяцаў прайшлі у "адаптацыйным рэжыме". Але Скрыпа пасьпеў добра зыграцца са сваім старым "парнацкім" сябром Алесем "Цімохам" Цімошчанкам ("Парнат" - Рэспубліканская школа-інтэрнат па музыцы і выяўленчым мастацтве імя Ахрэмчыка). Цімоха на той час таксама пераадольваў бар'ер - ад граньня па-просту чужых песьняў - да спробаў стварэньня нечага ўласнага. Дуэт аказаўся вельмі плённым - песьні ствараліся быццам на канвэеры. Адна да адной, альбом да альбому. Прыходзілі і сыходзілі музыкі. Запіс не рабіўся, бо і рэпетыцыі былі зьявай ня частай. І вось, напрыканцы лета 1992 году, урэшце складваецца трывалы калектыў: студэнты Беларускай Акадэміі мастацтваў Скрыпа і Цімоха - гітары, вакалы, Дзяніс "Аліса" Барбуха, што скончыў на той час мэдычную вучэльню - на басе і Сяржук Ражноў, студэнт БДПА - на бубнах. Студэнцкі амаль гурт.
Сталыя рэпетыцыі, моцная фільтрацыя створаных тэмаў (скасавана, дапоўнена, скамбінавана альбо перароблена працэнтаў 70 матэрыялу, створанага разам з Цімохам) прыводзяць да зьяўленьня добра зьбітай, насычанай энергічнай музыкай праграмы "Шыба 48". Трэба ўлічваць, што гэтыя ўсе песьні паўставалі на самым пачатку і Цімохавае, і Скрыпінае дзейнасьці, калі шмат чаго рабілася ўпершыню, у тым ліку і пісаньне словаў. Таму некаторыя тэксты наўпрост браліся з кніжак (" Рута...", "Клятва", "Жніўны дзень" Ул. Караткевіча), ці часопісаў ("Рыцар" Л. Рублеўскай).
25 сьнежня 1992 году нарэшце адбываецца доўгачаканы выступ паўнавартаснага гурта з добра адрэпетаванай праграмай. Канцэрт прайшоў у памяшканьні студэнцкага тэатру БелАМ. Канцэрт быў бяз перабольшваньня пасьпяховым, не зважаючы на пэўныя недакладнасьці і "абломы" падчас падрыхтоўкі, адстройкі апарату etc. Музыкі былі акрыленыя. Яшчэ б! Першы сур'ёзны выступ і адразу без праблемаў.
Зноўку пачаліся рэпетыцыі. Згуртаваньне беларускіх студзентаў зладзіла было Вялікодны канцэрт у красавіку, куды запрасілі граць žygimont VAZA і ЎЛІС, але канцэрт гэты не адбыўся па нейкіх ідыёцкіх прычынах.
І тут Скрыпу "панесла". Ён пачаў ствараць новую, цалкам адрозную ад папярэдняй, праграму "Stotis" ("Вакзал" па-летувіску, - аўт.). Адрозную, як паводле ўласна музыкі, так і паводле тэкстаў. Раней песьні былі збольшага пра вёску, такія сабе жартаўлівыя кпіны з калхознага жыцьця, альбо наўпрост паталягічныя здзекі-пародыі на беллітаратуру савецкага пэрыяду, накшталт "Закахаўся Янка". Зараз жа, са словаў самога Скрыпы: "...хацелася ствараць ПРОСТА МУЗЫКУ, менавіта музыку". Зьмяніліся і тэксты. Гэта ўжо ня былі нейкія "тэксты ў дадатак да мэлёдыяў". Гэта былі творы, што нараджаліся самі па сабе, нараджаліся адразу ў выглядзе песьняў, дзе словы і музыка зьяўляліся неад'емнымі часткамі адзінага цэлага. Карацей, герой нашага апавяданьня ўжо безаглядна глядзеў некуды наперад і яму не хапала часу, ці цьвярозага погляду на тое, каб азірнуцца на "Шыбу 48".
Дакладнага адказу на тое, што адбылося ўвесну 1993 году паміж удзельнікамі гурта, я так ніколі і не пачуў. Чуў варыянты. Але яны досыць розьняцца адносна адзін аднаго. Вынікам - усе засталіся добрымі сябрамі. Скрыпа, пакінуўшы сабе брэнд "žygimont VAZA" пачаў рэпетаваць у сутарэньні ўласнага дому. Да яго далучыўся сусед Валодзя Мулявін Jr. на басе. Сталага бубнача не было. Бракавала і апаратуры. Але хлопцы дамовіліся са сваімі знаёмымі з гуртоў Pathologist Department і Barfly's Dreams аб каапэрацыі і ўсё пайшло як па накатанай каляі. Дарэчы, першыя рэпетыцыі "Stotis"'y адбываліся пры ўдзеле Аляксандра Памідорава ў якасьці вакаліста.
Так адбыўся пераход да чарговага - чацьвертага пэрыяду гісторыі каманды. Канцэрт, прысьвечаны ўгодкам Аршанскае бітвы ў верасьні 1993 году адыгралі трохі "ня ў тэму", бо гурт запрасілі граць меньш, чым за тыдзень да самога канцэрту. А бубнача ня было. Запрасілі першага, хто трапіў. Рэпетавалі мала. Ня вызначыліся з рэпертуарам. Віця "Bon" Літвіноўскі барабаніў так сабе, на троечку. Карацей, аблажацца не аблажаліся, але, як у той показцы - асадак непрыемны застаўся. Плюс да таго, ўражаньне склалася ў тых, хто раней ня чуў музыкі гурта, што каманда - такія сабе пачаткоўцы.
Аднак, выступ перад вялізарнай колькасьцю людзёў на ганку опэрнага тэатру застаўся адным з мацнейшых успамінаў. І, мяркую, ня толькі для саміх музыкаў.
чытаць далей »
|
|