| |
|
другая частка гiсторыi »
Праз колькі дзён пасьля канцэрту патэлефанаваў нейкі чалавек і прадставіўся як прадстаўнік фірмы "Дайнова", якая была вядомая сваёй падтрымкай беларускамоўных бэндаў. Дамовіліся пра сустрэчу. Сустрэліся. Чалавек прапанаваў выпусьціць паўнавартасную касэту з добрай паліграфіяй. Прапанаваў таксама прафінансаваць запіс на студыі. Плюс яшчэ колькі прапановаў спакусьлівых зрабіў. Музыкі разам зь ім паехалі на знакамітую студыю, што па вуліцы Чыгладзэ ў Менску (на той час - ці не адзіная прыватная студыя) і дамовіліся з уладальнікамі пра час, кошты і тэхнічныя аспекты. Пачаліся ўзмоцненыя рэпетыцыі.
Аднак...
Нешта прадстаўнік "Дайновы" пачаў "круціць". Спачатку паведаміў, што ўкладкі ў касэты ня будуць друкавацца афсэтным спосабам. Потым прапанаваў ідыёцкія альтэрнатыўныя варыянты - фотаспосабам (і гэта - напрыканцы ХХ ст!), альбо на чорна-белым ксэраксе, але, паводле ягоных словаў: "...на добрым ксэраксе". Карацей, з кожнай новай сустрэчай, магчымасьці ў дапамозе дэкляраваліся меньшыя і меньшыя, ажно пакуль не было заяўлена, што ня будзе ўвогуле нічога. А на пытаньні аб прычыне такіх зьменаў прадстаўнік нешта цьмяна й загадкава тлумачыў. Паводле адное зь яго вэрсыяў: "...нехта нешта наплёў Адаму Палюховічу (уладальнік "Дайновы", - аўт.) нядобрае пра žygimont VAZA і той адмовіўся фінансаваць гэты праект...". Як бы там ня было, але справа сарвалася. Задума была вялікая - апроч уласна песьняў, плянавалася выкарыстаньне шмат якіх не музычных гукаў - цягнікі, шум натоўпу, вуліцы, абвесткі на вакзалах etc. Да таго ж - народныя сьпевы - беларускія і летувіскія. Канцэпцыя альбому ўвогуле была такая беларуска-летувіская, што на той час зьяўлялася досыць актуальным.
Увосень зрабілі дэма-запіс "Stotis-y". Менавіта ДЭМА. Так, каб хаця б паслухаць як гэта ўсё можа гучаць. У пагоні за якасьцю, якую былі ў стане даць магчымасьці побытавай ці напаўпрафэсыйнай апаратуры, спалучылі жывыя бубны з рытм-машынай. Накладку можна было зрабіць толькі адну - голас і другую гітару. Адным словам - ДЭМА. Тая касэта, якую ў 1998 годзе выпусьціла БМА - ня што іншае, як вышэйзгаданае дэма. Паводле плянаў Скрыпы, ня выключана і, нават пажадана, што шматпакутны "Stotis" станецца-такі рэалізаваны ў нейкае больш-меньш блізкае будучыні.
Дарэчы, пра запісы альбомаў. Увесну 1993 году Скрыпа сабраў сэсыйных музыкаў і, выкарыстаўшы нечаканую магчымасьць, запісаў цалкам "Шыбу 48" - песьні 1989 - 1992 гадоў. Запіс быў зроблены на САМАРОБНЫМ 8-КАНАЛЬНЫМ МАГНІТАФОНЕ (!), які пісаў на відэастужку, вынутую з касэты і наматаную на нейкую бабіну. Праблема паўстала літаральна праз пару тыдняў - гаспадар магнітафону, па прычыне банальнае п'янкі, выпадкова спіхнуў свой агрэгат са стала і магнітафон разьбіўся. Калі правялі нейкі рамонт, аказалася, што галоўкі зьмясьціліся і зараз немагчыма адпаведныя дарожкі прайграваць і, зразумела, сталася немагчымым зьвядзеньне запісу. Віноўны абяцаў нешта прыдумаць, але справа зацягнулася на гады. Тым больш, што сэсыйныя музыкі разьехаліся літаральна па ўсёй Эўропе, а рэпетаваць па-новай, з новымі людзьмі і зноў рабіць запіс было зусім недарэчы на той момант. І вось нядаўна - летам 2003 году, той шматпакутны запіс "Шыбы 48" усё ж здолелі прайграць і "загнаць у лічбу". Зьвядзеньне адбудзецца ў бліжэйшы час і станецца магчымым выхад самага першага альбому žygimont VAZA.
Скрыпа сам граў усе гітарныя партыі на гэтым альбоме - і за сябе, і за Цімоху, максымальна набліжаючы да слухача манэру йгры вышэйзгаданага музыкі. Плянавалася, што Цімоха сам заграе зараз уласныя партыі, каб усё гучала "як тады" - у 1992-м. Аднак у жніўні 2003 году Алесь "Цімоха" Цімошчанка трагічна загінуў пры досыць загадкавых і да канца ня высьветленых абставінах. Такая сумная гісторыя здарылася гэтым летам. Знакаміты "Скрыпін падвал" на Сурганава, 42 зьведаў у тых часох (1993 - 1994) такую віхуру падзеяў, што можна паўнафарматную мастацкую стужку здымаць. Аднак, хаця й пілі піва там увесь час, і гарэлку, і "мар'ю іванаўну" палілі, але рабілі гэта ўсё менавіта ПАСЬЛЯ РЭПЕТЫЦЫЯЎ. Бо гралі з ранку да вечару. Pathologist Department, Barfly's Dreams і žygimont VAZA па чарзе праганялі свае праграмы, увесь час нешта стваралі, разам абмяркоўвалі, аспрэчвалі, дзяліліся назіраньнямі. Больш за тое, пачала дзейнасьць фірма "Music & Tour Industry" (Кастусь "КАТ" Музыраў, Віктар "BON" Літвіноўскі і Скрыпа). Пачалі арганізоўваць мэтал-канцэрты. Спачатку здымалі ДК БелТГ па вуліцы Ўральскай, затым - кінатэатр "Авангард". Пра ўсё гэта можна таксама кіно здымаць. Дарэчы, відэаздымкі рабіліся. Ёсьць, напрыклад, запіс "Першага фэста незалежнай музыкі" (люты 1994). На той час у žygimont VAZA бубначом быў BON, а басыстам - знакаміты праз шмат праектаў Алег "Паганіні".
Калі "пасунулі" Шушкевіча, Скрыпа прыдумаў акцыю пратэсту. Зьяўляючыся на той час актывістам Партыі аматараў піва, ён адразу знайшоў аднадумцаў і M&TI, разам з ПАП, зладзілі канцэрт пад назвай "NO PASARAN - ЯНЫ НЯ ПРОЙДУЦЬ". Адбылося ўсё у актавай залі "ін'яза" - Лінгвістычнага Унівэрсытэту. Апроч уласна žygimont VAZA, былі запрошаныя , Barfly's Dreams і МРОЯ. Пасьля канцэрту пачаліся гучныя "разборкі" - ажно да суду дайшло, бо камуністы вельмі пакрыўдзіліся і абасралі ўвесь гэты сэйшн праз сваю газэту "Мы и время". Але ўсё гэта адбывалася ў часы росквіту махровае (нават гіпэрзанадта) дэмакратыі ў Беларусі. Таму камуністы атрымалі "по первое число".
На пачатку 1994 году ў Скрыпы пачала складвацца канцэпцыя новага альбому. Назва паўстала адразу - "Стан галюцынацыі", - паводле тытулу адное песьні з альбому "Stotis".
Кампазыцыі ствараліся на працягу адрэзку часу: студзень - кастрычнік. Улетку адбылося шмат розных падзеяў - развал M&TI, некалькі чарговых зьменаў у складзе žygimont VAZA, плюс тое, плюс гэтае. Карацей, у кастрычніку прыйшоў час запісваць новы матэрыял. Запіс "Стану галюцынацыі" рабіўся на, тады яшчэ толькі створанай, студыі "СКАТ Рэкардз". Бюджэт быў - 100$ пры коштах - 10$ за гадзіну. Пачынаючы ад "Стану галюцынацыі", слухач можа заўважыць на вокладках касэтаў і дыскаў žygimont VAZA падзякі розным вытворцам музычнага абсталяваньня. Бо менавіта на "СКАТ Рэкардз" хлопцы ЦАЛКАМ, сыстэмна сутыкнуліся з сапраўдным прафэсыйным абсталяваньнем. Гэта ўразіла іх настолькі, што захацелася неяк пазначыць сваю падзяку за якасьць на вокладках без усялякага "эндорзмэнту". Так сабе - як кажуць, ад душы. У запісы , апрача самога Скрыпы, узялі ўдзел басыст Вадзім "VADYKS" Юрэвіч і бубнач Хатаб - абодва з Pathologist Department - унікальнага, моцнага, звышпрафэсыйнага і сапраўды культавага калісьці, беларускага гурта. Час быў абмежаваны. Усё рабілася апэратыўна. Па словах Зьмітра Лукьянчыка (ех-ТРОЙЦА), які завітаў у тыя гадзіны на "СКАТ Рэкардз": "на студыі адбывалася нейкае фантастычнае дзеяньне - Скрыпа, запісаўшы альбом, гойсаў вакол гукарэжысэра са стосам бабінаў з Белдзяржрадыё - гукі натоўпу, транспарту, розных сытуацыяў etc. І рабіў ня што іншае, як зьвядзеньне фанаграмаў: Так-так! ГЭТА - ТУДЫ! Гэта - сюды! Тут - грамчэй, там - цішэй, а вось тут - дадаць рэверберацыі! Ну і далей - у тым жа рытме". Сапраўды, альбом атрымаўся такім "дзікім", запісаным з першае спробы, але, разам з тым, вельмі жывым і натуральным.
На пачатку 1995 году Скрыпе прыходзіць да галавы думка адзначыць 23 лютага, але не як "Дзень абаронцаў айчыны" - клон саўдэпаўскага "Дня Савецкай арміі", але як дзень Беларускай краёвай абароны, мабілізацыя ў якую пачалася ў той самы дзень 1944 году. Такі, ведаеце, момант ісьціны. Бо пачалі людзі адчуваць - нешта загадкава-незразумелае адбываецца на прасторах незалежнай Беларусі.
чытаць далей »
|
|