žygimont VAZA official website
Historyja
Dyskahrafija
Teksty
Fota
Presa
Kantakt
 
трэцяя частка гiсторыi »

І што ж?

Дакладна!

Савецкі райвыканкам забараніў канцэрт (паміж іншымі - у асобе сп. Калякіна, - вядомага зараз антылукашэнкаўскага апазыцыянэру). Хлопцы вырашылі, як кажуць "ісьці на прынцып" і перацягнулі апаратуру на балькон кватэры Юрася Пузікава, які жыў каля месца правядзеньня канцэрту. Афішы (паўнавартасныя, каляровыя, афсэтныя) былі ж расклееныя па Менску і людзі пачалі падцягвацца. Атрымаўшы інфармацыю, што канцэрт фактычна забаронены, але мусіць адбыцца на суседнім панадворку, народ і скіраваўся на гэты самы панадворак. Гэта ўжо было сапраўднае парушэньне грамадскага супакою і некантраляванае перасоўваньне "шырокіх народных масаў". Асабіста я ніколі не забудуся на тое, як міліцыянты роўнымі калонамі падцягваліся да пузікаўскае шматпавярхоўкі, а клявішнік Pathologist Department Мікола пачаў на ўвесь раён граць гімн усіх савецкіх мянтоў "Наша служба и опасна, и трудна…"

Усіх, распіхаўшы па "лунаходах", павезьлі ў пастарунак, які быў літаральна на адлегласьці 150 мэтраў ад "месца злачынства". А там... Усё ж гэта быў час "торжества демократии", але паводзіны мянтоў былі больш чым нярвовыя. Хаця ўсіх адпусьцілі праз якіх поўгадзіны-гадзіну, але прыйшлося вытрымаць пэўныя зьдзекі, нечаканыя на той час.

Праз якую гадзіну на кухню Юрася Пузікава прыбыла нават Вольга Акуліч з апэратарам - тады яна была вядучай праграмы на тэлебачаньні. Прысутныя - Пузікаў, Скрыпа, Славамір Адамовіч, Махмуд і іншыя далі аб'ёмнае інтэрвію пра тое, што адбылося. Але неяк справа суціхла.

На першы погляд.

Бо, калі праз месяц зьявіліся афішы, якія запрашалі наведаць "Сьвяточны Вялікодны канцэрт" з удзелам "ГАЮ" і "žygimont VAZA", улады адрэагавалі ўмомант і , заўважыўшы знаёмую назву на плякаце, "не мудрствуя лукаво" забаранілі і гэты канцэрт.

Праз які тыдзень усё ж-такі адыгралі хлопцы у "Трох парсючках" - кавярні Палацу культуры трактарнага заводу.

Наступнай акцыяй стаўся перадвыбарны канцэрт, зладжаны Скрыпам 12 траўня 1995 году на стадыёне БДУ пад эгідай ПАП і яе выбарнай кампаніі. Запрасілі таксама амаль усіх тагачасных беларускамоўных выканаўцаў: "Краму", "НРМ", "Гай" і "Новае Неба". Пасьля сэйшну Скрыпа і "крамаўцы" паехалі да Андруся "Бормана" Рамашэўскага, дзе пілі піва і іншыя напоі. Нараніцу ўсе прачнуліся ва ўжо іншае краіне, зь іншымі прынцыпамі існаваньня і іншымі плянамі на будучыню. Але гэта, як кажуць, - справа гісторыкаў дзяржавы. Мы ж дасьледваем гісторыю аднаго рок-гурта.

Некалькі новых песьняў склалі аснову новага альбому. З назвай адразу ня было пэўнасьці. Але, пасьля выбараў прэзыдэнта, самое слова "прэзыдэнт" пачало выкарыстоўвацца ва ўсіх СМІ, ва усіх сытуацыях, ва ўсіх праблемных пытаньнях. Карацей, гэта было найбольш распаўсюджанае слова на той час. Таму праграма, што гралася на пачатку 1995 году і складалася зь пяці новых песьняў і шэрагу старых, атрымала назву "Prezydent Collection". Выйшаў гэты альбом у дзьвух вэрсыях. Першая - канцэртнік (ледзь ня самы першы канцэртнік у Беларусі), які канцэртнікам можна назваць досыць умоўна, бо запіс быў дапоўнены пасьля рытм-гітарай і пэўнымі гукаапрацоўкамі, якія, нажаль, ніколькі не палепшылі, а толькі пагоршылі агульны стан рэчаў і дадалі нейкае штучнасьці ў гучаньне.

Другая вэрсыя - студыйная. Запіс зроблены на студыі радыё "Мір", якое толькі-толькі пачало тады працаваць.

Пасьля Скрыпа перажыў пэўную трансфармацыю сьвядомасьці, якая даволі моцна тармазнула разьвіцьцё музычнае думкі. Хаця, шчыра кажучы, не надоўга. Ужо ў жніўні адбыўся канцэрт лідэраў тагачаснае беларускае экстрэмальнае сцэны: Sarcastic Green, Barfly's Dreams, žygimont VAZA, Pathologist Department + запрошаныя госьці зь Берасьця - гурт Gladiator. Фэнаменальны (што да беларускае журналістыкі, увогуле) часопіс "LEGION Magazine" якраз падрыхтоўваў тады свой першы матэрыял і інтэрвію Скрыпы сталася адным зь першых інтэрвію гэтага праекту ўвогуле.

А потым настала паўза.

чытаць далей »