| |
|
чацвертая частка гiсторыi »
А потым настала паўза.
Паўза доўгая.
Незразумелая.
Але й яна скончылася.
Карацей, настаў час, які можна назваць "пятым пэрыядам гісторыі гурта".
1996 год... Паўстаў праект "Der Dritte Krieg" ("Трэйцяя Вайна" па-нямецку, - аўт.)
Пачалі зьдзяйсьняцца Скрыпіны візыі альбомаў (яшчэ ад часоў "Stotis"), калі, апроч самое музыкі, настрой складае паралельны трэк гукаў - прырода, людзі etc.
Але, галоўнае, час працы над альбомам быў практычна неабмежаваны. Таму сталася магчымым дасягнуць па-першае - адпаведнага гучаньня, а па-другое - дапоўніць музыку адмысловымі дадаткамі ў выглядзе гукавых эфэктаў і нестандартных рашэньняў.
1997 год можна адзначыць толькі адзіным выступам žygimont VAZA на купальскім канцэрце ў менскім парку імя Горкага.
На пачатку жніўня 1998 году мусіў адбыцца нейкі фэст экстрэмальнае музыкі, куды быў запрошаны і žygimont VAZA. Але бракавала людзёў у складзе гурта. Таму Скрыпа, з дапамогай кампутара, хутка падрыхтоўвае своеасаблівую "балванку" - штучныя бубны і бас для такога сабе амаль імправізацыйнага канцэрту. Канцэрт адбыўся недзе на ўзьбярэжжы Менскага мора. žygimont VAZA там, дарэчы, ня выступаў. Але матэрыял "балванкі" натхніў Скрыпу на стварэньне праграмы, аб якой ён марыў яшчэ ад лета 1993 году. Праграмы экстрэмальна-тэхналягічнай, сінтэтычна-хімічнай паводле свайго гучаньня. Канвэерна-аднастайнай паводле энергетыкі. Альбом атрымаў адпаведную назву - "КАМБІНАТ". Уся музыка і тэксты былі напісаныя на працягу ПЯЦІ ДЗЁН. Напісаныя і адразу часткова запісаныя (бубны, клявішы і віяланчэль) на студыі таго ж самага радыё "Мір". Толькі праз два месяцы - у кастрычніку 1998 году, былі канчаткова запісаныя усе гітарныя і вакальныя партыі. Задача была выканана - гучаньне альбому зьяўляецца гімнам тэхналягічна-ненатуральнаму пачатку ў музыцы. Давядзеньне ўсяго праекту да суцэльнага абсурду падкрэсьлілася маўляў цалкам імправізаваным (але, насамрэч, добра асэнсаваным і дакладна - па нотах, сыграным) гітарным сола ў песьні "Камбінат".
Што тычыцца тэкстаў, то тут Скрыпа "узгадаў" шмат падзеяў, зьяваў і рэчаў. Як з асабістага жыцьця, так і з асабістых назіраньняў з пэрыяду 1993 - 1998 гадоў. "Камбінат", які быў цалкам зьведзены, дарэчы, толькі ў траўні 1999 году, зьяўляецца адной з самых дасканалых працаў žygimont VAZA. Альбом, калі задуманае ня толькі стопрацэнтова рэалізуецца, але калі падчас працы узьнікаюць пэўныя слушныя заўвагі саміх музыкаў і гукарэжысэраў і ўсё гэта ўвасабляецца ў жыцьцё бяз аніякае рызыкі апынуцца "па-за логікай працэсу".
Дарэчы, пра гукарэжысэраў. З часоў "Prezydent Collection" гурт стала і досыць плённа супрачоўнічае з Сяргеем "Шлёмам" Лабандзіеўскім і, часткова, з Алегам Пятровічам - асобамі больш чым вядомымі ў беларускае музыцы.
Затым настае пэрыяд, які сам Скрыпа апісвае наступным чынам: "...ліпень 2000-га году. Мне ў галаву трапляе атамная куля."
Сталага складу гурта žygimont VAZA ня існуе. Скрыпа разграбае ўласныя праблемы асабістага жыцьця. Праблемы, якія створаныя ім самім. Але музычная праца працягваецца. Падчас побыту ў Вільні і Брно (травень - ліпень 2000 г.) ён стварае канцэпцыю спэктаклю пантамімы і музыку да яго. Спэктаклю паводле беларускае народнае п'есы ХІХ ст. "Цар Максыміліян". Музыка станецца запісанай і зьведзенай у лістападзе. Апроч таго запісваецца частка новага альбому žygimont VAZA "Каін". Але потым...
Потым ад'езд у Варшаву на неакрэсьлены час. Як бы там ні было, а гэты самы час пралятае. Пралятае чарговы год.
Пачынаем адлічваць шосты пэрыяд...
Скрыпа вяртаецца дахаты. Зноў пэрыяд пэўнае адаптацыі. Супрацоўніцтва са старым прыяцелем Паўлам Заручэўскім (басыст "Зьнічу"). Красавік 2002 году - выступ на канцэрце-прэзэнтацыі праекту "Сэрца Эўропы in rock". Вакал - Аляксандр Памідораў.
Пачынаецца праца над завяршэньнем запісу "Каіну". Пасьля нечаканага ад'езду Заручэўскага ў ЗША зрываецца заплянаваны record-session, які павінен завяршыць шматпакутную трохгадовую эпапэю "Каіну". Тэрмінова шукаецца басыст. І ён знаходзіцца! Гэта - Кастусь Калесьнікаў, які адначасова зьяўляецца басыстам гурта "IQ-48". Без аніякіх праблемаў, на студыі Юрася "Франца" Выдронка, альбом "Каін" дапісваецца і пачынаецца зьвядзеньне. У запісу, паміж іншымі, ўзялі ўдзел джаз-рокавы бубнач Ёнас Будкявічус з Летувы і вакалістка "Яру" Маша "Яр" Лагодзіч.
Вяртаючыся да "саўндтрэкавага" праекту 1990-1991 гадоў, адзначым, што недзе напрыканцы 2002 году да Скрыпы зьвярнуўся Янук Латушка - вядомы вэб-майстар, які прапанаваў стварыць саўндтрэк да свайго праекту - фільму "CONTRAБАНДА" - своеасаблівага "нашага адказу" на "Карты. Грошы. Дзьве рулі". Скрыпа па-просту дастаў са сховішчаў запісаныя партытуры дванаццацігадовае даўніны і зразумеў, што нічога прынцыпова новага ствараць ня трэба - усё ўжо створана! Справа за малым - запісаць, запатрабаваны ўрэшце, матэрыял. Запіс быў зроблены на студыі Цэнтру народнае творчасьці Мінскае вобласьці ў чэрвені 2004 году. Штопраўда, фільм "CONTRAБАНДА" яшчэ не здымаецца і невядома, ці будзе здымацца ўвогуле. Аднак, па меркаваньні Скрыпы: "...няхай музыка да праекту, які толькі плянуецца, жыве ўласным жыцьцём".
Бліжэйшы час павінен адзначыцца нейкімі прынцыпова новымі падзеямі ў творчым жыцьці žygimont VAZA.
Але гэта - справа будучыні.
2003-2004.
|
|