žygimont VAZA official website
Historyja
Dyskahrafija
Teksty
Fota
Presa
Kantakt
 
Рэцэнзіі ад "Нашай нівы"

Хлопцы, хавайся! А Іван - наагул Go Home! Тут вам не Іванкі-дурненькія, а музыка сур'ёзная, высокадухоўная ды выкшталцоная. Узор, адным словам, для перайманьня ўсімі тымі інтэлігенцікамі з гітарамі ды сухотнымі постацямі. Прадумана ўсё - ад назвы (уяўляеце якую ізраільскую трэшавую каманду, якая сьпявае на іўрыце і завецца кшталту "Golda MEIR"?) да афармленьня ўкладак у касеты, якія паслухаць ды напісаць потым колькі словаў далі мне чамусьці праз гадоў восемдзесят па іх выданьні. Не зьбянтэжыла. I не такое чуў. Вось і паслухаў. Жывы застаўся - і дзякуй Госпаду. Бо слых зьбярог - дзякуй, што не кампактны дыск, а толькі кароткая касэтка. А што піўны ларок потым не ўзарваў - thanks, SMAGA Studio!
Адным словам, тры альбомы. Не, гэтыя музыканты, беларусы Skrypa MX, Gilep ды нейкі Cypruk Notowicz - у сваім родзе, канечне, віртуозы! Гэта каб на працягу аднаго боку касэты, а ў суме - шасьці бакоў трох касэтаў бамбіць адно й тое ж і ані разу ня зьбіцца... Трэба ўмець! Праўда, на апошнім альбоме, хіба ад роспачы ды болю за Радзіму словаў ім не хапіла. Паўсталі проста інструмэнтальйыя кампазыцыі, так сказаць. Трэш-барока, саната для сэкс-вібратара ды струнных у трох частках.
Частка першая: "Вакзал". Па-ангельску (у ашмянскім вымаўленьні) -- "Зэ стоцыс". Афармленьне - супэр! Зьмест... М-да. Не, вядома, я ціха радуюся, што беларусы і ў гэтай галіне не засталіся ўбаку ад сусьветнзга прагрэсу і на роднай мове выконваюць такія супэрактуальныя музычныя стылі, як гэты вось,.. як яго... ну, самі ж ведаеце... Ну, канечне! Як гэты.
Частка другая: "Канцэрт у рэйхстагу" са здымкам Мірона над сталіцай скоранай БНФам Нямеччыны. Поўны капут! Лірыка ў росквіце. Цікавая знаходка гука-рэжысэраў: чым горшая якасьць запісу, тым болей краіна атрымлівае трэшу ці нечага такога ж арыгінальнага ды жыцьцесьцьвярджальнага. Нам песьня жыць ды любіць памагает. Двойчы альбом асіліў. Точна - памагает. Ад коркаў у вушах памагает.
Частка трэцяя: "Der Dritte Krieg". І зноў - дызайн! Супэр! Хлопцы-жыгімонты, можа, у 1993 годзе варта было б адразу дызэйнам заняцца, а на гітары ды "Смага студыя" ня траціцца? А то сапраўды: "Нарабілі змагароў, абціраем з твару кроў. Набліжаецца туман, вычвараецца блазан".
Пушкін, ах, Пушкін.
У музычную тканіну трэцяй часткі арганічна і тонка ўплецена нітка "Nowe sytuacje", узятая з часоў нялёгкай мінуўшчыны польскага рок-ынд-рола. Тонкая работа! Галоўнае - зь неахопным слоўным запасам.
Пушкін - Go Home!
Трэба мець сапраўды гераічны характар, каб на працягу столькіх гадоў іграць аднуй тую ж музыку. Заўважце, шаноўныя судзьдзі: я не напісаў "іграць адно й тое ж", а напісаў "іграць адну й тую ж музыку". Таму што zygimont VAZA адно й тое ж не іграе: назвы ў песень розныя. Значыць, песьні - таксама.

"Наша ніва". 1999.
Слухач