žygimont VAZA official website
Historyja
Dyskahrafija
Teksty
Fota
Presa
Kantakt
 
ŠYBA 48

РЫЦАР (Л. Рублеўская)

Зь мячом - за даму, за караля!
Зь мячом - за Бога, за грошы!
Ды толькі раны, калі баляць,
Што ўстаць, здаецца, ня можаш,
Ты марыш пра сонны кляштар,
Пра пыльныя старадрукі.
І твой хвалёны жалезны ўдар
Ня бачыцца больш заслугай.

А ўстанеш - зноў на бліскучы шлем
Пальчатку чэпіш дурніцы,
Якая цябе называе "Леў"
І ходзіць штодзень маліцца.
На шыі - ладанка, а ў мячы -
Часьцінка крыжа Хрыстова.
Нібыта Бог забіваць вучыў.
А ў сэрцы - ужо нічога...

ЗЯМЛЯ ПАД БЕЛЫМІ КРЫЛАМІ

Сонца сьвеціць, хмары разганяе.
Водар траў такі, што валіць з ног.
Вось ляжыць ён хутка ачуняе.
Усё ж праўду кажуць: "З п'яным Бог".

Трактар фарамі глядзіць у задуменьні
(Гаспадар заробак атрымаў.)
Больш ня будзе ён кідаць насеньне,
Выхадны ў яго сёньня, маўляў

Зямля пад беламі крыламі...

Мужыкі шпацыруюць на піва:
- Цыгарэты купілі?
- Так!
І сьмяецца дзед Андрэй сівы.
Пажарка едзе тушыць барак

Старшыня ў бальніцы няпрытомны
(Разваліўся калгас. Гэта - ўсё!)
Арандатары ўсе. Зараз модна
Уласным коштам гадаваць парасё.

Зямля пад беламі крыламі...

Хлопцы зь дзеўкамі таньчаць у клубе,
Субота тут - непрацоўны дзень.
То мужык жонку ледзь не зарубіць,
То НЛА кіруе зь неба прамень

Участковы едзе на матацыкле
Разьбірацца, хто ў краму залез.
Ці то п'яны бацька на малога цыкне.
Дзеўкі - за суніцамі ў лес.

Зямля пад беламі крыламі...

ЗЯЛЁНЫ ГАЙ

Ужо колькі год ідзе вайна
Паміж Пагоняй і Крыжом.
Стаіць крывавая багна,
Заліт Крывіцкі край агнём

Народ - як быццам жабракі,
Нібыта затаптаны ў бруд.
Скачуць зь цемры крыжакі,
Мяжы ня бачна для пакут

Гэй, Крывічане, пачакай!
Ён яшчэ прыйдзе -
Зялёны Гай!


Хто жонак нашых зьневажаў -
Сваю сьмерць знойдзе на Літве.
Хто аб гонар свой ня дбаў -
Загіне, падла, у дрыгве!

Няма літасьці нікаму,
Хто прэ на нас, сьціснуўшы меч!
Ўбівае хто нас у багну
Ды толькі згубіць голаў з плеч!

Гэй, Крывічане, пачакай!
Ён яшчэ прыйдзе -
Зялёны Гай!


РУТА Ў ХАЛОДНАЙ РАСЕ (Ул. Караткевіч)

Гармонік грае за клубам.
Водар мурожнай травы.
Чамусьці няма маёй любай.
Чаму, ці не скажаце вы?
У полі, за дальняй брыгадай,
Агеньчыкі зніклі ўсе,
Адзеліся ценем прысады,
Рута ў халоднай расе.
Чакаю адзін да світання.
Нешта яна не ідзе.
Нават лілеі да рання
Заснулі ў цёплай вадзе.
У садах антонаўкай пахне,
I раптам, як гром з нябёс,
Вартаўнік з дубальтоўкі трахнуў,
Напэўна, соллю ў кагось.
Як цяжка мне тут чакаці.
Туман за ракою ўстае.
Стрэльні ты лепей, браце,
У дуб над акенцам яе,
Каб птушкі спрасонак крычалі,
Каб людзі пачулі ўсе,
Каб любая раптам згадала,
Што рута ў халоднай расе.

КЛЯТВА (Ул. Караткевіч)

Стаю ўначы ў завіруху -
Аддаўся наплыву мар.
Ноч уважная слухае,
I вецер гайдае ліхтар.
Што са мною - не знаю.
Сэрца трывогу б'е.
Кахаю?
Здаецца, кахаю.
Напэўна, кахаю яе!
Клянуся зарою вяснянай
I тым, што міне зіма,-
Няма ў мяне іншай каханай,
Іншага друга няма.
Кахаю... у хустцы і ў косах,
Ў завею і летні гром,
Кахаю абутую й босую,
З кнігамі і з сярпом.
З ёй - радасць, адному - гора.
На гэтым цвёрда стаю.
Ноч крочыць,
I чуюць зоры
Клятву маю.

ТАМ, ДЗЕ... (Цімоха)

Там, дзе расьце канюшына,
Там не баліць галава.
Там пабудую даміну,
Там, дзе каханка мая.
Піць я ня буду ні кроплі,
Хай хоць гарэлкай - вада.
Хай будуць цяжкімі крокі,
Хай хоць па краі ляза...

Хай засьпяваюць паненкі
Песьню.
Гуканьне вясны...
Хай задрыжалі каленкі
Ў першым каханьні.
Заўжды...
Той, хто быў на раздарожжы,
Бачыў, як носіцца птах.
Хай толькі крые нас Божа
Ня пераблытаць свой шлях!..

Там, дзе кувае зязюля,
Там, дзе раса як вада
Дзед запаліў сваю люлю -
Так зашчаміла туга!
Там, дзе расьце канюшына,
Там не баліць галава.
Там пабудую даміну,
Там, дзе каханка мая.

Ў ЖНІЎНЫ ДЗЕНЬ (Ул. Караткевіч)

Ў жніўны дзень на вуліцы бязлюдна.
Нават бэз заснуў каля дзвярэй.
Толькі певень, млявы і марудны,
Кліча частаваць сваіх курэй.
Бабка спіць ля хаты пад кустамі,
I цялё чырвонае усмак
Мокрымі ружовымі губамі
Ёй жуе стракаты андарак.
I старыя, і малыя ў полі,
Суха звоняць конікі ў траве,
I камбайн, як карабель вясёлы,
Паміж жытніх каласоў плыве.
Ну, а вёска цішынёй абнятая.
Толькі й чуць у гэтай цішыні,
Як храпуць у дзвюх суседніх хатах
Жонкі брыгадзіра и старшыні.

НАДВЯЧОРКАМІ (Цімоха)

Надвячоркамі - дахі
А над дахамі - дым
Там чароўныя пахі
Я ж застанусь адным

На халоднай зямлі
Буду я гараваці
Я ж - вазьмі й палюбі
"Дурань" - кажа мне маці


Там чаромха цьвіце
Яе буду чакаці
А калі ня прыйдзе -
Мне ўсю ночку ня спаці

Хмары скрылі нябёсы
Там прайшоў караван
Не сышліся два лёсы
Полем сьцеліць туман...


ЛЯСНАЯ ГІСТОРЫЯ (Цімоха)

У старым лесе - хата лясьніка.
У лясьніка яшчэ была дачка.
А той лясьнік у лесе паляваў,
З сабой дачку на паляваньні браў.
Была дзяўчына - прыгажэй няма!
А бацька кажа: "Замуж ёй пара".
У тых мясьцінах ня было хлапцоў
(Адзін з рагаткай быў, ды без штаноў).

У тых мясьцінах было шмат зьвяроў.
Звычайна стрэльбу браў ён на дзікоў.
Аднойчы стрэліў і трапіў у дзіка.
Замест зьвяра ўбачыў там хлапца!
А той хлапец, з пабітай галавой,
Жывы застаўся і сьцякаў крывёй.
Стары прынес яго, а той - ніяк,
Забыў пра боль, забыў пра ўсё, дзівак!

У старым лесе - хата лясьніка.
У лясьніка яшчэ была дачка.
А той лясьнік у лесе паляваў,
З сабой дачку на паляваньні браў.
Стары стаў дзедам і хадзіў з клюкой.
Жаніў ён хлопца на дачцы сваёй.
І нарадзіла дзеўка трох сыноў.
Во, як бывае, калі ёсьць любоў!

КАРЧМА
(Студэнцкая песьня)

Заходзь да нас, вандроўны!
Сядай, замаўляй.
Келіх хай будзе поўны.
Ня хочаш - не размаўляй.
Вось дзеўка цісьнецца побач.
Дазволь ёй сесьці з табой.
Зомоў кілішак гарэлкі
І паляпшае настрой.

Хай кажуць - мы валацугі,
Што час марнуем дарма,

Няма імкненьня да навукі.
Але, жыве карчма!


Пасьля заняткаў чакае
Цябе заўсёды карчма.
Тут ніхто ня разважае,
Што за адзнака твая.
Іншым разам прафэсар
Сам завітае сюды
І праз гадзіну паклянецца,
Што сябр твой назаўжды.

Хай кажуць - мы валацугі,
На нас управы няма,
Няма імкненьня да навукі.
Але, жыве карчма!


ЗАКАХАЎСЯ ЯНКА

Зранку выйшаў з хаты Янка.
Стрэльба цераз плячо.
Ня ўбачыць ён болей Ганку,
Згубіў назаўжды дзяўчо.

Пан, сабака, жаніць адмаўляў:
"Яшчэ рана жаніцца, халоп"!
Янку ў горад ён адаслаў,
Сам да Ганкі - скок, цераз плот.

Закахаўся Янка...

Кленчыў бацька і маці зь ім:
"Велькі грэх гэта будзе, пан!
Гэта ж ганьба нам усім"!
Вочы пану п'яны засьціць дурман...

Дык сякеру бацька схапіў:
"То ж заб'ю цябе, басурман"!
Дый толькі панскую кулю злавіў,
Маці выгнаў з хаты той пан...

Закахаўся Янка...

Як фальварак панскі палаў
І дагэтуль помняць усе.
Янка пана да слупа прывязаў
І рубіў яго пакрысе:

"Ты ж даруй мне, Нябесны Ўладар,
Што душу я праз забойства згубіў!
Цяпер Шатан маёй душы гаспадар,
Бачу: браму ён у Пекла адкрыў"!..

Закахаўся Янка...

ШЫБА 48

Я прыходзіў увесь час...
Гэта мейсца помніць нас.
Хвояў у смутку не зварухнуць,
Сьлёзы з бурштыну
Па нас ільюць...

Штодня гледзіш, чакаеш мяне.
Усё пытаеш: "Ён, ці не"?..


Дзе я зараз? А, то хай зь ім!
Усё блукаю, як той пілігрым.
Дах мой - неба. Ложак - мох.
Згубіў глебу, але перамог.

Штодня гледзіш, чакаеш мяне.
Усё пытаеш: "Ён, ці не"?..
Я ўсё ж вярнуся. Ты толькі чакай!
У хату ўвалюся - віно цераз край.
А дараваньня я не прашу.
Мо' пакаяньне ўратуе душу?..

Штодня гледзіш, чакаеш мяне.
Усё пытаеш: "Ён, ці не"?..


STOTIS

ZYG. 12/2

Дзе блукалі ён і яна?
Адшукалі. Раптам - шпіталь.
Можа гэта - проста вайна?
Зноў палюе мілы маскаль?

Пруцца зноўку, быццам за мной.
Адчуваю уласны ціск.
Б'е крыніца на пляцы крывёй.
Увесь счарнелы стаіць абэліск.

Новы цягнік.
Новы ўдар.
Новы разьлік.
Новы ўладар.


Колькі часу? Не зразумеў.
Дом сакральны комін сьхіліў.
Зноў пачуеш: "Я не хацеў"...
Зноў у шклянку гарэлкі наліў.

Зноў над местам блукае вецер.
Неўміручы. Люстра быцьця.
Шмат хто з жывых заслугоўвае сьмерці,
Шмат хто з памерлых заслугоўвае жыцьця...
Новы цягнік.
Новы ўдар.
Новы разьлік.
Новы ўладар.


А над вежай лунае сьцяг.
Несуразны. Мёртвае дрэва.
І антэна ўзьлезла на дах.
І гарэлку спусьцілі на лева.

Хто віноўны? Адкажа хто? -
Вось навекі паўстала пытаньне.
Абмяжуюць, кажуць, усё.
Нават лекамі карыстаньне

Новы цягнік.
Новы ўдар.
Новы разьлік.
Новы ўладар.


Тут - спыніўся. Там - пабег.
Глянуў у шыбу: раптам яно?
Толькі фініш, скончыўся век.
Так ці гэтак - усё адно.

Дзе блукалі ён і яна?
Адшукалі. Раптам - шпіталь.
Можа гэта - проста вайна?
Зноў палюе мілы маскаль?

Новы цягнік.
Новы ўдар.
Новы разьлік.
Новы ўладар.

КОДЛА

Кодла руйнуе хату.
Вільгаць. Вецер ізноў.
У "Троках" пілі гарбату.
Павесілі трох каралёў...
Кодла рушыць на захад.
Дзеўкі сумна пяюць.
Помнік Ёгану Баху
Як абяцалі, так і зьнясуць.

Досыць выць! Ня згубіў, а набыў!
Крыж гарыць у промнях сонца
Агнём залатым.


"Сьвіслач" - то "Нёману" пара.
Абодва вясёлкай блішчаць.
Паліць нехта абшары.
Мніхі - зноў вандраваць.
Раптам стрэл дакаціўся.
Куля сумна сьвісьціць.
П'яны дзік заваліўся,
Рагоча - ня спыніць!

П'яны дзік ня згубіў, а набыў.
Чуеш крык? Гэта ён свой пятак абламіў!


АДЫЙДЗІ

Адыйдзі! Адляці!
Свой ліхтар засьвяці!
Хто пайшоў за табой? -
Чужаніца, ня свой!

Крок убок. Там - труна.
Супакою няма.
Песьні жальбы. Туман.
Не жанчына - падман.

Зноў заходзіцца крывёю
Шматпакутны край.
Адлятаюць птушкі. Хай,
Не зважай!


Вораг - тут. Рыцар - там.
Як удзячны я вам.
Падыходзь, адлятай.
Ужо ня бачу. Няхай!

Хто апошні, скачы!
Чуеш ляск? То - мячы.
Сонца скача, а ён
Усё нясе свой праклён.

Зноў заходзіцца крывёю
Шматпакутны край.
Адлятаюць птушкі. Хай,
Не зважай!


Па-над лесам - смурод.
Непахісны, як стод.
Авіятар памёр
(Сапсаваўся матор).

А буслы ўсё крычаць.
Гэта - сон. Ня стрымаць!
Адыйдзі! Адляці!
Свой ліхтар засьвяці!

Зноў заходзіцца крывёю
Шматпакутны край.
Адлятаюць птушкі. Хай,
Не зважай!

РАВЭР

Па дарозе шпацыруе равэр,
Атрымаўшы адказ нечакана.
Не бяжыць у атаку жаўнер,
Прачытаўшы ліст ад каханай.

Разбамбілі лецішчы ўшчэнт.
Бруднай плямай чырванее дахоўка.
Вокіс хрому - то дзіўны пігмэнт.
Скача трус праз поле так лоўка.

Восеньскі напеў. Адчыніце хлеў -
Выганю карову, заганю свой равэр!
Восеньскі напеў...


Затрыманьне грашовых сродкаў -
Вымушоная мера ўраду.
Сьвяткаваньне чарговых угодкаў -
Нам ізноў прапануюць параду.

Восеньскі напеў. Адчыніце хлеў -
Выганю карову, заганю свой равэр!
Восеньскі напеў...


ПР-Т

На гарышчы знойдзеш жбан.
Паратунку няма, пан.
На гадзіньнік не глядзі,
Лепей у "Меднікі" зайдзі.

Дзьверы шкляныя пабіў...
Што ж ты, дурань, нарабіў?
На гарышчы знойдзеш жбан.
Паратунку няма, пан.
СТАН ГАЛЮЦЫНАЦЫІ

Нярвовы позірк заблукаў.
Як быццам дошкі аддзіраў.
На столі, на падлозе
На столі, на падлозе
Ўбачыў ЛЕСЬВІЦЫ, маўляў.

Люстраны адбітак крэсьліць усіх.
"Гамон"! - мяркуе Кемерых
Калючым дротам вяжа
Калючым дротам вяжа
Ізноў, як раней, вяжа слых.

Чыгунка! Колькі нам цярпець?
Блукае побач цётка Сьмерць.
Litwo! Ojczyzno moja!
Litwo! Ojczyzno moja!
Над небасхілам не ляцець...

Нярвовы позірк заблукаў.
Як быццам дошкі аддзіраў.
На столі, на падлозе
На столі, на падлозе
Ўбачыў ЛЕСЬВІЦЫ, маўляў.

ВІЛЬГАЦЬ

Дай мне грош, калі ласка.
Адвярні свой каўнер.
Хвалявацца ня трэба,
Бачыш - ходзіць жаўнер.
Над лясамі лунае
Самотны ліхтар.
Не зважай на надвор'е,
Выпей гэты узвар.
Хто ведаў, што адрачэцца
Дзед ад унука свайго?
Там стаяць дзьве кабеты
І чакаюць ЯГО.
Просты шлях - да загубы.
Дзевяць мечаў углядзі,
Стань як сталь і ляці!
Як люстэрка, сьвяці!

Не хварэла дзяўчына.
Закахайся ў мяне!
Да касьцёлу ня ходзіш -
Разабраўся ў сабе.
Сіні попел. Туман.
Дзьве загубы з табой.
Як на золку сьвяжэе!
Толькі ўсьлед чуеш: "Стой"!

"Сьлёзанька ўпала -
Рэчанькай стала".
Там, недзе, лётаюць коні...
Ня згубі сваю долю.
Цёмнай ноччу ўбачыш
Жоўты зь сінім стод.
Дзьве дзіды - на Захад.
І тры - на Ўсход.

ШЭПТ

Ты, мабыць, ходзіш з тугой у душы.
Ты пад хплодным ветрам дрыжыш.
Чорны Нёман павольна йдзе,
Ня чуваць галасоў нідзе...

Шэпт...

Аднекуль, звонку, навала прэ.
Ды не кранае нішто цябе.
Тэлеграф працу распачаў.
Тэлеграф працу распачаў...

Шэпт...

Маланка - зь неба, а ўсё у зямлю...
Знайшоў абрывак шпалеры...
...........................................................
Там...

Шэпт...

STAN HALUCYNACYJI

MORTAL RYHOTA

Зьнішчоным мусіш быць
На новых сходах
Бляхарня хай згарыць!
Ружовы подых...

Рыгота - нібы сьмерць!..

Нажаль, куродым
Вітае лёс
Гарэлкі водар прэ
Рыгота - нібы сьмерць!..

Рыгота - нібы сьмерць!..

BROWN ВЯЛІКДЗЕНЬ

Мніхі пруць на дол,
Мніхі пруць на дол,
Мніхі пруць на дол
Там
Ледзьве не зароў,
Ледзьве не зароў,
Ледзьве не зароў
Сам
Шыбеніцы тут,
Шыбеніцы там,
Шыбеніцы зноў.
Зноў
Сутарэньні тут,
Сутарэньні там,
У сутарэньнях зноў -
Кроў

Brown Вялікдзень, ня трымай тугу!
Нам бракуе часу, нам бракуе "гу-гу"!
Brown Вялікдзень...


Не чуваны тут,
Не чуваны там,
Не чуваны дух.
Дух...
Выпалены зноў,
Выпалены зноў,
Выпалены зноў
Луг
Ты марудны сам,
Ты марудны зь ім,
Ты марудны зь ёй, -
"Свой"!
Побач праплыве,
Побач праплыве,
Побач праплыве
Ной

Brown Вялікдзень, ня трымай тугу!
Нам бракуе часу, нам бракуе "гу-гу"!
Brown Вялікдзень...


другая частка тэкстаў | трэцяя частка тэкстаў